НІКІ́ЦКІ БАТАНІ́ЧНЫ САД.

На паўд. беразе Крыма, за 7 км ад г. Ялта, Украіна. Засн. ў 1812 Х.Х.Стэвенам. Пл. 996 га. Каля 3,5 тыс. відаў раслін. У садзе 3 аддзяленні — Цэнтральнае, Стэпавае і Прыморскае; ёсць інтрадукцыйна-каранцінны гадавальнік. Дэндрарый саду складаецца з 4 ландшафтных паркаў, у якіх вывучаюцца перспектыўныя для садова-паркавага буд-ва і лесагадоўлі віды і формы. У калекцыі саду больш за 1600 відаў дрэў і кустоў, з якіх найб. прадстаўлены расліны з роду хвоя, кіпарыс, ядловец, дуб, кізільнік, барбарыс, клён і інш. Разводзяць секвою гіганцкую, міжземнаморскія піхты, платан усходні, веерную пальму Фарчуна і інш. Уведзены ў культуру пладовых насаджэнняў і паркаў сарты персіка, чарэшні, алычы, інжыра, граната, хурмы, міндалю. У гербарыі сада больш за 130 тыс. лістоў. З 1890 выдаюцца «Труды Никитского ботанического сада».

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)